Аўтар(к)ам
Выдавецтва “Скарына” адрознае ад большасьці іншых беларускіх выдавецтваў. Мы знаходзімся ў Вялікабрытаніі — далёка ад Беларусі і большасьці краін, дзе нашыя суродзічы цяпер жывуць у значнай колькасьці. Таму мы робім і распаўсюджваем кнігі крыху інакш. Гэта можа выдатна пасаваць адным аўтарам, і зусім не — іншым.
Як мы працуем з аўтар(к)амі
Нам цікавая перадусім мастацкая, навуковая і навукова-папулярная літаратура па-беларуску. І па-ангельску — на беларускія тэмы. І нам вельмі цікава ўсё, што мае дачыненьне да стваральнай дзейнасьці беларускай эміграцыі.
Мы возьмемся за тыя кнігі, у якія ў нас будзе вера і на якія ў нас ёсьць сілы. Ёсьць багата цудоўных твораў, якія па-за абшарам нашай экспэртызы. Напрыклад, дзіцячыя кніжкі. Іншыя выдавецтвы ў такіх выпадках зробяць лепшую за нас працу.
"Скарына" не публікуе кніг на замову, але мы ведаем, хто дапаможа з гэтым.
Беларускі кніжны рынак параўнальна маленькі, таму многія кнігі мусяць мець папярэдняе поўнае ці частковае фінансаваньне. Наш падыход (друк на запыт) дазваляе значна зьменшыць папярэднія выдаткі, але застаецца кошт перакладу, літаратурнага рэдагаваньня, праца мастакоў і пад. Разам з аўтарамі мы знойдзем аптымальны варыянт.
Мы, канешне ж, дасылаем дармовыя аўтарскія асобнікі і можам прапанаваць аўтарам неабмежаваную колькасьць асобнікаў па сабекошце.
Калі вы думаеце, што мы — правільнае для вас выдавецтва, то напішыце нам (кантакты ўнізе старонкі).
Як мы друкуем
Большасьць нашых кніг друкуецца на запыт (print on demand).
Як невялікі наклад распрадаўся, мы дадрукоўваем новы.
Гэта робіць магчымым выдаваць кнігі, для якіх у адваротным выпадку месца на рынку не знайшлося б.
Большасьць нашых кніг аўтаматычна трапляюць у продаж праз Amazon і іншыя глябальныя рытэйлеры.
Яны застаюцца даступныя пакупнікам пакуль мы самі ня спынім продажы.
У друку на запыт ёсьць праблемныя моманты.
Сабекошт кнігі ў выніку звычайна атрымліваецца крыху вышэйшы.
Паліграфічны выбар (папера, фармат) — абмежаваны ў параўнаньні з традыцыйнымі спосабамі выдаваць кнігі.
Таму некаторыя кнігі мы друкуем традыцыйным спосабам у Польшчы і Летуве.
Фарматы нашых кніг
108 x 175 mm — маленькі кішэнны фармат
127 x 203 mm — папулярны для паэтычных зборнікаў і невялікіх кніг прозы
140 x 216 mm — наш любімы фармат для прозы, часам і паэзію друкуюць ім
148 x 210 mm — самы папулярны, бадай, у сьвеце фармат для кніг, вядомы як А5
152 x 229 mm — папулярны амэрыканскі фармат для прозы
і іншыя фарматы для манаграфій, альбомаў, каляндароў і пад.
Мы імкнёмся публікаваць усе нашыя кнігі ў электронным фармаце адначасова.
Як мы распаўсюджваем
Нашыя кнігі лёгка набыць і атрымаць па пошце, але паштовыя выдаткі могуць быць не па кішэні многім суродзічам. Таму мы ладзім прэзэнтацыі і вечарыны, і амаль усе кнігі таксама выходзяць у электронным фармаце. Дзе набыць
Калі для вас прынцыпова, каб кніга была ў кнігарнях у Беларусі або шырока прадстаўленая ў Польшчы, іншыя выдавецтвы зробяць гэтую працу лепш за нас.
Прамоцыя выдадзеных кніг — важная частка таго, чым займаецца выдавецтва. Для гэтага ў нас ёсьць сацыяльныя сеткі і неабыякавыя рэдактары-кі.