Рэспубліка глухіх
Ілля Камінскі

79 стар.

Кнігу можна будзе набыць на фестывалі “Прадмова” у Варшаве, Вільні і Беластоку ў кастрычніку. 

Або ў інтэрнэт-кнігарні.

Паэме "Рэспубліка глухіх"  амерыканскага паэта Іллі Камінскага прысвяцілі рэцэнзіі найбуйнейшыя ў свеце газеты і літаратурныя выданні. Беларускі пераклад зроблены аднымі з найлепшых беларускіх паэтак нашых дзён Юляй Цімафеевай і Вальжынай Морт.

Дзеянне “Рэспублікі глухіх” разгортваецца ў перыяд палітычнай смуты на адной акупаванай тэрыторыі. Хаця месца і час дакладна не вызначаны, здаецца, што ў тых жудасных падзеях мы пазнаём сваю эпоху і сваю краіну. 

Ашаламляльная вершаваная прыпавесць, якая па форме нагадвае драматычны твор, адкрываецца сцэнай забойства акупантамі глухога хлопчыка Пеці. Стрэл, які падштурхоўвае жыхароў да пратэсту, — апошні пачуты імі гук. Горад глухне, і ў гэтай цішы мова жэстаў робіцца мовай іх маўклівага супраціву. 

Кніга расказвае гісторыі прыватнага жыцця гараджан ва ўмовах публічнага гвалту: пары маладажонаў, Соні і Альфонса, якія чакаюць дзіця; адважнай Мамулі Галі, якая распачынае бунт у сваім лялечным тэатры; Галіных лялечніц, што ўдзень таемна вучаць жыхароў мове жэстаў, а ўначы завабліваюць салдат па адным і забіваюць за тэатральнай заслонай. 

Адначасова гісторыя кахання, элегія і палітычны памфлет, “Рэспубліка глухіх” гучыць як перасцярога і ставіць пад пытанне наша калектыўнае маўчанне перад абліччам жорсткасці і гвалту. 

“Глухія не вераць у цішыню, — піша Ілля Камінскі. — Цішыню прыдумалі тыя, хто чуе”.

* * *

Ілля Камінскі нарадзіўся ў Адэсе, цяпер амерыканскі грамадзянін. Аўтар паэтычнага зборніка “Dancing in Odessa” і сурэдактар “The Ecco Anthology of International Poetry”. Уладальнік прэміі Whiting Award, стыпендый Lannan Literary Fellowship і Guggenheim Fellowship, фіналіст міжнароднай прэміі Neustadt International Prize for Literature. Яго творы перакладзены на больш як на дваццаць моў.

Юля Цімафеева — беларуская паэтка і перакладчыца. Аўтарка некалькіх кніг паэзіі і дакументальнай кнігі “Мінскі дзённік”. Перакладае паэзію і прозу з англійскай і іншых моў. Уладальніца прэміі Карласа Шэрмана (2021) за пераклад выбранай паэзіі Стывена Крэйна.

Вальжына Морт — беларуская паэтка, нарадзілася ў Менску, жыве ў ЗША, піша па-беларуску і па-англійску. Аўтарка некалькіх кніг паэзіі, кніг перакладу, рэдактарка паэтычных анталогій. Апошняя кніга паэзіі — “Песні для мёртвых і ўваскрэслых” — атрымала International Griffin Poetry Prize, UNT Rilke Prize, а таксама Kaser Prize за нямецкае выданне. Уладальніца стыпендый Guggenheim, American Academy in Rome, Lannan Foundation, National Endowment for the Arts, Amy Clampitt Foundation, а таксама Civitella Ranieri Foundation.