Прадмова да анталёгіі "Мальцы выходзяць з-пад кантролю"

На пачатак

Зьяўленьне ў канцы ХІХ стагодзьдзя ў заходнім сьвеце гей- і лесьбі-культуры стала пачаткам пэўных істотных зьменаў у заходняй культуры і выклікала рэзананс ва ўсім сьвеце. З да­дзе­насьцю гэтых пераменаў шмат дзе змагаюцца, у тым ліку ў Беларусі. У зьяўленьні гей- і лесьбі-культуры літаратура займала і працягвае займаць важнае месца. Варта прыгадаць тут Жоржа Экгаўта, Андрэ Жыда, Оскара Ўайлда, Марсэля Пруста, Вірджынію Ўулф, Эдварда Морган Форстэра, Штэфа­на Цвайга, Калет, Клаўса Мана, Місіма, Кавабату Ясунары, Федэ­рыка Гарсія-Лёрку, Маргарыту Юрсэнар, Ўільяма Бэроўза, Гора Відала, Тэнэсі Ўільямза, Жана Жэнэ, Яраслава Івашкевіча, Караля Шыманоўскага, Трумэна Капотэ, Віялету Лед’юк, Мі­шэ­ля Трамбле, Майкла Канінгема і многіх іншых, хто ня проста сталі клясыкамі і клясыкінямі нацыянальнай і сусьветнай лі­таратуры, але і спрычыніліся да фармаваньня гей- і лесьбі-ідэнтычнасьці, паўплывалі на гей- і лесьбі-рух. Літаратура стварыла новыя ідэнтычнасьці і садзейнічала эмансыпацыі мар­гіналізаваных групаў людзей. Мастацкая літаратура стала прытулкам і форумам для гей- і лесьбі-культуры, для дэбатаў і апісаньня маргінальнага досьведу, сфэрай, якая адной зь першых пачала легітымаваць гомасэксуальнасьць. 

Анталёгія “Мальцы выходзяць з-пад кантролю” пры­сьве­чаная гей-пытаньню і гей-эмансыпацыі, апісаным у бела­рус­кай мастацкай літаратуры. Што адбывалася і адбываецца на скрыжаваньні літаратуры і гомасэксуальнасьці? Што ад­бываецца, калі літаратура апісвае досьвед “іншых”: ан­тычнага гомасэксуальнага каханьня, “садамітаў”, “ураністаў”, “упаднікаў”, “блакітных”, “інвэртаў”, “гамагенных”? Чаму бе­ларуская літаратура моцная ў апісаньні вайны і прыроды, а хутчэй бездапаможная і стэрыльная ў апісаньні цялеснасьці, сэксуальнасьці і інтымнасьці? Ці існуе беларуская гей-літаратура ці квір-літаратура? Анталёгія намацвае адказы на гэтыя ды іншыя пытаньні.

Як вынікае з назвы анталёгіі, — стваральнікі абмежава­лі­ся артыкуляваньнем мужчынскай гомасэксуальнасьці. Гэта адбылося не таму, што мы ігнаруем жаночую гомасэксуаль­насьць, і не таму, што не прымаем больш унівэрсальных і пашыраных цяпер паняткаў квір-літаратуры ці ЛГБТК-літара­туры. Першы канкрэтны крок да беларускай квір-літаратуры мусіў быць недзе зроблены, і ён мусіў быць практычна асягальны. Так сталася гістарычна ў нашым выпадку, што ён датычыў артыкуляваньня мужчынскага досьведу.

У кожным выпадку, выклікі і спэцыфіка беларускіх геяў заслугоўваюць асобнага разгляду. Гэты пласт гра­мадзтва і культуры ніколі не праяўляўся паўнавартасна і публічна як суб’ект. Упершыню беларускае чытацтва мае анталёгію, якая пра­пануе погляд на літаратуру знутры гей-досьведу. Яна апіс­вае тое, што самі геі вызначаюць як гей-культура і гей-літаратура. Дасюль гэты пласт культуры або замоўчваўся, або ставіўся пад сумнеў, або аналізаваўся няхай і гей-прыязнымі, але ўсё ж літаратарамі і літаратаркамі, якія больш ці менш пасьпяхова балянсавалі свой аналіз з уласнай гетэраідэнтычнасьцю.

Збор тэкстаў для анталёгіі выразна засьведчыў праблему аб’ектнасьці геяў: многія тэксты друкуюцца пад псэўдані­ма­мі, некаторыя тэксты былі адкліканыя на розных этапах пад­рых­тоўкі, а вельмі многія аўтары проста не рызыкнулі даслаць свае творы. Пра існаваньне некаторых гэтых твораў нам вядома. Мы можам толькі спадзявацца, што наступным выданьням анталёгіі пашанцуе адбывацца ў больш спрыяльнай сытуацыі, каб ахапіць неахопленае сёньня. Адчуваньне небясьпекі, страх і саманяўпэўненасьць застаюцца вызначальнымі для многіх бе­ларусаў і беларусак, а асабліва — для ЛГБТК-супольнасьці. Да­дзеная анталёгія пераводзіць беларускіх геяў у плашчыню суб’ектнасьці, ператварае іх у актыўных актараў, а ня толькі аб’ектаў дасьледаваньня, назіраньня ці апісаньня.

Анталёгія атрымался досыць разнастайнай і багатай на розныя тэмы і акцэнты. Беларуская гей-культура, здавалася б, не праяўлялася і заставалася невядомай, немагчымай, табуяванай тэмай у літаратуры. Невялікая частка аўтараў і аўтарак цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў, аднак, сьмела ўводзілі ў беларускае пісьмо гей-тэму, чым правакавалі зьбянтэжанасьць, а часам — і гамафобію ў афіцыйных літаратурных структураў. Яны крытыкавалі аднабаковасьць і гетэрацэнтрычнасьць бе­ла­рус­кай мастацкай літаратуры. 

Асобна трэба зьвярнуць увагу на нашае азначэньне “гей-пісь­менства”: мастацкія тэксты, якія апісваюць гей-дось­вед, напісаныя людзьмі розных полаў, ідэнтычнасьцяў і арыентацый. Нашай мэтай не было вызначаць ідэнтычнасьць аў­тараў і аўтарак, нас перадусім цікавілі творы. 

Многіх, мабыць, зацікавіць ужываньне слова мальцы у назьве анталёгіі. Апрача таго, што гэта размоўнае, дыялектнае слова — ці ня самае вядомае віцебскае слоўка, — яно, да ўсяго, мае схаванае сэксуальнае і гей-адценьне. Слова мальцы сугучнае францускаму адпаведніку garçons — моцна наэлектрызаванаму і так часта ўжыванаму Марсэлем Прустам ва “У пошуках страчанага часу”. Ці яшчэ аднаму францускаму адпаведніку — voyous, які часта сустракаем у творах бэльгійца Жоржа Экгаўта, які ў 1899 годзе напісаў першы франкамоўны гей-раман “Эскаль-Вігор”. І нашыя мальцы літаральна зьліваюцца зь яшчэ адным насычаным, гэтым разам — італійскім, адпаведнікам ragazzi з твораў П’ера Пазаліні. 

Тэксты зьбіраліся з 2019 году, калі быў абвешчаны першы анонс анталёгіі. Дзякуючы падтрымцы газэты “Новы час” і супольнасьці MAKEOUT удалося сабраць першы блёк тэкстаў. Потым кавід і падзеі ў Беларусі 2020 году часова прыпынілі праект. Але ў 2022 годзе, дзякуючы маладому выдавецтву “Скарына”, збор тэкстаў аднавіўся і справа была даведзеная да канца. 

Жанрава анталёгія ахоплівае прозу, паэзію і драматургію, а гістарычна — ХІХ, ХХ і ХХІ стагодзьдзі. Першыя беларускія тэксты, якія напраcіліся ў анталёгію — верш Тамаша Зана (1796-1855) і эпісталярная спадчына філяматаў, у тым ліку ліставаньне Адама Міцкевіча (1798-1855) і Яна Чачота (1796-1847). Гомаэратычнасьць мужчынскіх унівэрсытэцкіх і таварыскіх колаў — зьява вядомая, і Віленскі ўнівэрсытэт пачатку ХІХ ст. зь ягонай бурлівай дзейнасьцю таварыства філяматаў ня быў выключэньнем. Кансэрватызм польскай і бе­ла­рус­кай культураў не дазволіў у свой час пабачыць і артыкуляваць гомаэратычнасьць сяброўства некаторых філяматаў. Тым ня менш, у кнізе “Ліставаньні філяматаў”, што пабачыла сьвет у 1913 годзе, свабодна даступныя нам сьмелыя і шчырыя лісты Тамаша Зана і Адама Міцкевіча. Слынныя паэты, філяматы, рэвалюцыянэры ХІХ стагодзьдзя выйшлі з-пад кантролю імпэрыі. У нашым ХХІ стагодзьдзі мы бачым, што яны таксама выхо­дзілі з-пад кантролю гендарнага, маральнага і сымбалічнага. Спачатку польская квір-анталёгія “Dezorientacje” уключыла вы­браныя тэксты філяматаў. Цяпер і нашая анталёгія ўводзіць у беларускі дыскурс дагэтуль непрамоўленыя аспэкты жыцьця філяматаў, у прыватнасьці — Тамаша Зана і Адама Міцкевіча. Мы не сьцьвярджаем, што яны, кажучы сучаснай мовай, былі геямі. У іх быў, аднак, негетэрасэксуальны досьвед, апісаны ў тэкстах. Гэты гомаэратычны досьвед падаўся нам вартым быць зафіксаваным.

Далей больш за стагодзьдзе ў беларускай літаратуры мы ня знойдзем тэкстаў, якія можна было б азначыць як гей-пісьмо. Мажліва, некаторыя беларускія аўтары ХІХ стагодзьдзя проста ўдала хаваліся ў сьпіжарні, і гісторыкаў літаратуры і гендару яшчэ чакаюць цікавыя адкрыцьці.

Наступны важны для нас арыентыр — 1928 год, калі ў віленскай газэце “Сьцяг Працы”, якую выдавалі беларускія левыя, было надрукаванае апавяданьне “Дзіўное вясельле” пад псэўданімам П. Асака. Пад ім выступаў Пётра Мятла (1890—1936), які меў яшчэ адзін псэўданім — П. Чабор. У кароткім аповедзе беларускі аўтар уявіў, “як мужчына з мужчынам жэніцца”, а ўрэшце, і дзіцё заводзяць. Так пісьменьнік высьмейваў палянафільскіх беларусаў-перакіньчыкаў і палохаў тагачасную Вільню першым гей-шлюбам — “дзіўным вясельлем”. Тэкст пісьменьніка-гетэрасэксуала цікавы сьмелай фантазмай і праявай калектыўнага страху перад гомасэксуальнасьцю. Вядома, пісьменьнік выкарыстаў гамафобскі трук, кажучы сучаснай мовай, але гэта адзіны сьмелы тэкст, які ўяўляе гомасэксуальны досьвед у тагачасных беларускіх рэаліях.

У БССР падчас кароткага пэрыяду беларусізацыі літаратура выбухнула сьмелымі экспэрымэнтамі, але гомасэксуальнай тэмы ў тагачасных тэкстах мы, бадай, не знаходзім. Праўда, сьмелая і чульлівая паэзія пра мужчынскае сяброўства на мяжы любові некаторых аўтараў прыцягвае ўвагу і зачароўвае. Напрыклад, вершы Юлія Таўбіна (1911-1937) заслугоў­ва­юць увагі і новага прачытаньня. 

Асноўны выбух гей-пісьменства прыпадае на незалеж­насьць Беларусі з 1990-х гадоў па цяперашні час. З канца 1980‑ых гадоў за саветамі пачала праяўляцца моўная, культурніц­кая, незалежніцкая, а таксама, ў пэўнай ступені, гендарная і сэксуальная эмансыпацыя беларусаў. Ейнай сымбалічнай вяршыняй стала дэкрыміналізацыя гомасэксуальнасьці ў 1994 годзе. У 1990-ыя гады у Менску зьявіліся гей-выданьні, у якіх друкаваліся ў тым ліку мастацкія тэксты. Таксама ў пісьменьнікаў-гетэрасэксуалаў спарадычна зьяўляліся тэксты, у якіх або асноўнымі пратаганістамі былі геі (Адам Глёбус), або прысутнічалі развагі пра гомасэксуальнасьць (Альгерд Бахарэвіч). У ХХІ стагодзьдзі новыя пакаленьні беларусаў працягваюць яшчэ сьмялей пісаць пра гомасэксуальны досьвед.

У мінулым мы знайшлі пэўныя арыентыры прысутнась­ці тэмы гомасэксуальнасьці ў беларускім кантэксьце, але на тле іншых эўрапейскіх культураў і літаратураў у гістарычнай пэр­спэктыве беларускае гей-пісьменства выглядае сьціпла. Такая выразная запозьненасьць можа тлумачыцца затрымкай нацыятворчага і дзяржаўнага разьвіцьця, існаваньнем бе­ла­рускай культуры ў неспрыяльных умовах, што часьцяком праяўлялася і працягвае праяўляцца ў адмове існаваньня геяў і лесь­бі­ек і да адмовы факту існаваньня ўласнай квір-літа­ра­туры. Цяжар траўмы аўтарытарна-таталітарнага жыцьця да­сюль адбіваецца на нас у страху перад разнастайнасьцю і непавазе да адрознасьці, бо мы ня ведалі і не жылі ў дэмакратыі. Аднак і знакі прагрэсу навідавоку: разьвіваецца беларус­кая літаратура, зьявіліся мясцовыя аўтары і аўтаркі, якія дзеляцца сваім досьведам і разьвіваюць альтэрнатыўнае бачаньне іншасьці і сапраўднай талерантнасьці.

Дадзеная анталёгія — першая спроба сабраць пад адной вокладкай беларускае гей-пісьменства. Вядома, анталёгія хоць і разнастайная, але не прэтэндуе на паўнату з-за неспрыяльных сацыяльна-палітычных варункаў.

У ХХІ стагодзьдзі мы ўжо не аднойчы назіралі, як бе­ла­ру­сы і беларускі выходзілі з-пад кантролю. Беларуская ЛГБТК-супольнасьць сваім існаваньнем сілкуе гэтае жаданьне выйсьці з-пад кантролю, дэманструе нязгоду з дыктатурай і часта выказвае знакі непадпарадкаванасьці падчас гей-прайдаў, публічных пратэстаў, калі пішуцца і публікуюцца ўласныя сьведчаньні жыцьця, прыгнёту і выйсьця зь яго празь літаратуру, якая часам застаецца адзінай даступнай плятформай воль­ні­цы. Аўтарам і аўтаркам анталёгіі ёсць што сказаць і адкрыць грамадзтву. 

Толькі раскрыўшы ўсе аспэкты жыцьця і пачуўшы да­сюль маргінальныя і нячутыя галасы, нашая літаратура зможа называццца ўнівэрсальнай і дэмакратычнай. Бяз гэтага яна не да канца выконвае сваю гуманістычную місію. Анталёгія беларускага гей-пісьменства — яшчэ адна нагода для беларускай літаратуры пазбавіцца ідэалягічных і маралізатарскіх установак, успадчынных ад часоў імпэрыяў. Выхад мальцаў з-пад кантролю будзе на карысьць усёй беларускай справе, бо падоб­ныя выхады разбураюць дыктат аднолькадум’я.

Мы таксама спадзяемся, што першая анталёгія гей-пісьменства стане крокам для далейшай эмансыпацыі квір-су­поль­насьці, а таксама ўзрушыць дасюль скептычных беларусак і беларусаў, і проста стане цікавым і прыемным чытаньнем.

Уладзіслаў Гарбацкі