Мальцы выходзяць з-пад кантролю
Да 28 лютага 2023 г. зьбіраюцца тэксты – мастацкая і дакумэнтальная проза, і паэзія – прысьвечаныя жыцьцю і досьведу беларускіх геяў і гей-культуры Беларусі. Творы могуць быць як рэалістычныя, так і фантазійна-ўтапічныя, напісаныя беларускімі і замежнымі аўтарамі і аўтаркамі.
Вынікам стане анталёгія аб жыцьці беларускіх геяў. Мовай мастацкай літаратуры яна пазнаёміць чытацтва з жыцьцёвым досьведам геяў, як і чым яны жывуць у аўтарытарным грамадзтве ва ўмовах фактычнай маргіналізацыі з боку дзяржавы і – у пэўнай ступені – грамадзянскай супольнасьці. Мы таксама спадзяемся, што ўжо зьявіліся творы, якія адлюстроўваюць досьвед іншага сьвету і жыцьця на чужыні пасьля падзеяў жніўня 202 году.
Літаратура заўсёды была адным з фактараў стварэньня новых ідэнтычнасьцяў і эмансіпацыі групаў людзей. Для сусьветнай квір-культуры мастацкая літаратура стала прытулкам і форумам для дэбатаў і апісаньня досьведу, і інстытуцыяй, якая адной зь першых пачала легітымізоўваць гомасэксуальнасьць.
У рамках анталёгіі прапануецца звузіць кола інтарэсаў і сфакусавацца на сувязі літаратуры і мужчынскай гомасэксуальнасьці ў Беларусі. Дадзеная анталёгія не ігнаруе іншыя вымярэньні ЛГБТК супольнасьці, як і не адкідвае важнага інтэрсэкцыйнага падыходу да гендарнага змаганьня і эмансіпацыі, але спрабуе ў дадзеным выпадку пачуць і распазнаць голас гей-пісьма.
Загаловак і вокладка ілюстрацыйныя
Што адбываецца, калі паняткі “літаратура” і “гомасэксуальнасьць” сыходзяцца?
Што адбываецца, калі людзі пачынаюць пісаць пра свае сапраўдныя адчуваньні, патрэбы, задаволенасьці і незадаволенасьці?
Што нясе і прынясе гэты выхад з-пад кантролю?
Што адбываецца, калі літаратура апісвае досьведы “іншага”?
Ці нарадзілася беларуская гей- літаратура? Калі так, у чым ейнае пасланьне? –
Вось толькі некалькі пытаньняў, на якія анталёгія можа дапамагчы нам пачаць знаходзіць адказы.
Патрабаваньні:
Мастацкая ці дакумэнтальная проза або паэзія, прысьвечаныя жыцьцю і досьведу беларускіх геяў, напісаныя па-беларуску любым правапісам. Творы, створаныя на іншых мовах, могуць быць прапанаваныя ў аўтарскім перакладзе ці з дазволам на пераклад.
Перавага аддаецца малой і сярэдняй прозе: нарысам, аповедам, навэлям, аповесьцям. Абмежаваньняў для паэзіі няма.
Даслаць тэкст трэба да 28 лютага 2023 году на адрас info@skarynapress.com і дадаць кароткую інфармацыю пра аўтара-ку.
Творы могуць быць падпісаныя займеньнем ці пакінутыя ананімнымі.