Літургія часу
Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў
Набыць друкаваны асобнік можна ў нашай кнігарні. У Вільні – у беларускім музэі. У Варшаве – у Моладзевым хабе. Электронная кніга: Google Play Books • Apple Books
…Так з безаблічнай немасці эпох
аднойчы паўстае адна гадзіна,
што мае твар і голас – свой, адзіны…
І гэтым голасам гаворыць Бог.
❖
У паэтычным зборніку Алеся Дуброўскага-Сарочанкава біблейская сімволіка робіцца мовай для гаворкі пра сучаснасць, а адным з галоўных матываў у тэматычнай прасторы кнігі становіцца час.
Выбраныя вершы публікаваліся ў часопісах Дзеяслоў і Таўбін.
Рэцэнзія ў часопісе Таўбін.
80 стар. • ISBN 978-1-915601-08-7 • eISBN 978-1-915601-09-4
«…Нешараговасць зместу, што паўстае на скрыжаванні рэчаў, якія можна прамовіць, – і сутнасцяў, невымоўных па вызначэнні; нешараговасць спосабу паэтычнага выказвання як віртуознай недапрамоўленасці, адмысловага маўлення-маўчання – і нешараговасць унутранага водгуку чытача, патэнцыяльнага (са)ўдзельніка “Літургіі…”. […] Паэтычная “Літургія…” А. Дуброўскага-Сарочанкава – гэта спроба артыкуляваць выпакутаванае разуменне таго, як вусціш сучаснага свету і яго “творцы”-чалавека наогул магчымыя ў межах Сусвету як створанага Ім Тэксту».
Міхаліна Мароз
Як жыццё выбіраць цяпер,
калі хочацца выбраць смерць?
– запытваецца Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў у адным з сваіх вершаў. І кожным вершам з кнігі "Літургія часу" ён выбірае – жыць. Знаходзіць сярод болю словы, якія дапамагаюць не заставацца сам-насам з вусцішшу, не заставацца сам-насам з гэтай нематой і цемрай. Гэта не вершы-надзеі, але вершы, у якіх адчуваецца разуменне свайго часу. Гэта вершы-веданне, што так ці інакш, "золак пераможнага дня" разгарыцца
Ганна Комар
Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў (Аляксандр Дуброўскі) – паэт, філолаг, тэолаг.
Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, магістратуру і аспірантуру па кафедры тэорыі літаратуры, а таксама Тэалагічны інстытут Саюза хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь. Доктар тэалогіі, прэсвітар.
Вершы друкаваліся ў газетах і часопісах «Чырвоная змена», «ЛіМ», «Першацвет», «Бярозка», «Маладосць», «Дзеяслоў», «Полымя», «Нёман» і інш., перакладаліся на рускую мову.
Аўтар кніг паэзіі «Паміж небам і багнаю» (1997), «Эстэтыка маўчання» (2011), «На тонкай нітачцы» (2021), манаграфіі «Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша» (2006), зборнікаў багаслоўскіх даследаванняў і рэлігійнай публіцыстыкі.