Прадмова да "Мовазнаўчых працаў" Вацлава Ластоўскага

Уладзіслаў Гарбацкі

Зрабіць перадзамову ў інтэрнэт-кнігарні

Вацлаў Ластоўскі – нестандартная постаць у беларускай прасторы. Чалавек-аркестар. Беларус ці, дакладней, крывіч, які праявіў сябе ў шматлікіх навуковых і грамадзкіх сфэрах: у гісторыі, літаратуры, літаратуразнаўстве, этнаграфіі, выдавецкай дзейнасьці, палітыцы, дыпляматыі.

Быў ён, да ўсяго, і мовазнаўцам, хаця не вучыўся на яго. Але з волі лёсу стаўся ім, каб разьвіць сацыяльнае мовазнаўства, адрознае ад клясычнай філялёгіі. Гэтая патрэба літаральна лунала ў эўрапейскім паветры напярэдадні Першай сусьветнай вайны. Падчас вайны яна вылілася ў Францыі ды ўсёй Эўропе ў мовазнаўчых колах у публічныя дэбаты паміж клясычнымі мовазнаўцамі і сацыяльнымі мовазнаўцамі, якія потым стануць называцца сацыялінгвістамі. Вядомы канфлікт паміж прыхільнікамі швайцарскага лінгвіста Фэрдынана дэ Сасюра (1857–1913) і францускім мовазнаўцам Антуанам Мэе (1866–1936) у 1916 годзе набыў форму, калі францускі мовазнаўца і вучань дэ Сасюра Антуан Мэе зрэагаваў на апублікаваную пасьля сьмерці мэтра кнігу “Курс агульнай лінгвістыкі” (1916). На зьдзіў А. Мэе, мэтар, які пры жыцьці заўсёды вызначаў ix мову як сацыяльную частку, праігнараваў гэтую аксыёму ў сваім фундамэнтальным творы. Таму А. Мэе скрытыкаваў мэтра, стварыўшы аснову для будучай сацыялінгвістыкі: «Адзьдзяляючы моўныя зьмены ад зьнешніх умоваў, ад якіх яны залежаць, Фэрдынан дэ Сасюр пазбаўляе іх рэальнасьці; гэта зводзіць іх да абстракцыяў, якія ніколі ня вытлумачыць». З таго часу мовазнаўчы сьвет умоўна падзяліўся на два лягеры.

Вядома, у Беларусі інтэлектуальнае кола таксама сачыла за дэбатамі і рэагавала на такі падзел. Вацлаў Ластоўскі, які ня быў клясычным філёлягам, але ж працаваў на мовазнаўчай ніве, натуральна ўпісаўся ў агульнаэўрапейскія дэбаты і далучыўся да г.зв. сацыяльных мовазнаўцаў. Прыгадаем першы мовазнаўчы тэкст В. Ластоўскага – “З нашаго жыцьця. Перапіска ў беларускай мове”, які зьявіўся ў “Нашай Ніве” у 1912 годзе. Ужо ў гэтым тэксьце выразна чыталіся і дамінавалі экстралінгвістычныя тлумачэньні і зацікаўленасьці дасьледніка. Паступова непрафэсійны мовазнаўца стаўся вядомым прафэсійным лексыкографам, стваральнікам слоўнікаў і, кажучы сучаснай мовай, адным зь першых беларускіх сацыялінгвістаў.

Аналізуючы як першыя, так і ў цэлым усе мовазнаўчыя тэксты В. Ластоўскага, можна сьмела заўважыць, што ён стаяў ля вытокаў беларускай сацыялінгвістыкі. Прыгадаем, што пры жыцьці В. Ластоўскага гэты канфлікт паміж клясычнымі і сацыяльнымі мовазнаўцамі не аднойчы праяўляўся, і сам Ластоўскі часта трапляў у яго: на карысьць гэтага сьведчыць вядомая крытыка працаў нефілёляга Ластоўскага філёлягамі С. Некрашэвічам, Я. Станкевічам ды ішымі. Цікава, што выключна сухі мовазнаўчы падыход без уліку экстралінгвістычных чыньнікаў В. Ластоўскі крытыкаваў на манер А. Мэе і называў “азыяцкім абсалютызмам”[1], які шкодзіць мове, граматыцы і беларускай справе.

Няма сумневу, сьмелы экстралінгвістычны падыход В. Ластоўскага ў мовазнаўстве застаецца й сёньня сучасным і надзвычай карысным. Сацыяльныя, палітычныя тлумачэньні разьвіцьця ў мове, рэвізія каляніялісцкіх і стэрэатыпізаваных схемаў і поглядаў на беларускую мову, прапанаваных расейскімі, польскімі ды наагул заходнімі навукоўцамі 19–20 ст., агучваньне беларусацэнтрычнай пазыцыі ў сьвеце, які ігнараваў і дагэтуль ігнаруе беларушчыну, – усё гэта робіць В. Ластоўскага непаўторным крытычным, руплівым, няхай часам крыху і рамантычным дасьледнікам.

Сёлета – у 2023 годзе – Беларусь адзначае 140-годзьдзе выбітнага дзеяча і навукоўца. Надыйшоў час асобна адзначыць і ў чарговы раз падкрэсьліць унёсак В. Ластоўскага ў мовазнаўства. Упершыню сабраныя разам, выдаюцца цікавыя, сьмелыя і наватарскія мовазнаўчыя тэксты В. Ластоўскага, якія дасюль выклікаюць спрэчкі, дэбаты і жвавы інтарэс. Каб асучасьніць мовазнаўчыя дэбаты і ацаніць геній расстралянага саветамі беларуса, важна і зручна мець усю ягоную спадчыну ў моўнай галіне пад адной вокладкай.

Такім чынам, на суд чытацтва выносіцца досыць поўны збор мовазнаўчай спадчыны В. Ластоўскага. Апроч гэтага, вашай увазе прапануецца пасьляслоўе прафэсаркі Ніны Баршчэўскай, якая здаўна цікавіцца постацьцю В. Ластоўскага і аналізуе моўную дзейнасьць выкрасьленага за саветамі акадэміка. Пасьляслоўе прафэсаркі складаецца з двух артыкулаў (“Нацыянальная мова ў дасьледаваньнях беларускага эміграцыйнага асяродку ў Коўне”, “Роля Вацлава Ластоўскага ў адраджэньні беларускае мовы”), якія сталіся своеасаблівым гідам па мовазнаўчай спадчыне аднаго зь першых нашых сацыялінгвістаў.

[1] V. Lastouski, List Ksiandzu Wladyslawi Taločko, Адзьдзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Летувы імя Ўрублеўскіх, Вільня, F21-2172.