Барыська
Апавяданьне з кнігі "Песьні тралейбусных рагуляў: песьні і проза жыцьця" Уладзіслава Гарбацкага
Краіна нашая поўніцца безьліччу бачных і нябачных герояў і гераіняў. Да іх здаўна належыць Барыс Хамайда — чалавек-сымбаль Віцебску. Для многіх жыхароў гораду ён — такі ж сымбаль, як мясцовая ратуша, Юдэль Пэн ці Марк Шагал.
У 2016 годзе ў зборніку "Песьні тралейбусных рагуляў" Уладзіслава Гарбацкага адно з апавяданьняў было прысьвечанае вольнаму віцябляніну, які шмат год натхняў адных і ствараў безьліч праблемаў іншым, баязьлівым рэжымнікам. У Віцебску Барыс Хамайда вядомы проста як Барыська — так па-свойску клічуць яго між сабою жыхары места над Дзьвіною.
На знак салідарнасьці зь нязломным 75-гадовым героем, затрыманым за Пагоню на пашпартнай вокладцы 28 ліпеня і арыштаваным 31 ліпеня 2023 году, мы публікуем прысьвечанае яму апавяданьне.
(Здымак Радыё Рацыя)
Барыська
Віцебскаму герою прысьвячаецца
Зрэдчас, але бывае Віцебск сымпатычным: раз увесну, калі калакалуха ды бэз цьвітуць, і другі раз — увосень, калі чырвоны клён і залатая вольха аздабляюць стары горад, да чарговых хаўтураў рыхтуюць яго. Дык вось увесну 2025 году, калі Віцебск п’янеў ад бэзавага чмуту, у цэнтры места, там дзе стаяу раней дом Пэна, а цяпер стаіць вусьцішны і ўсім віцяблянам вядомы Сіні дом, які суседзтвуе з пачварнай Пірамідай, улады адкрылі манумэнт упартаму і бясстрашнаму, амаль адзінаму ў нядаўнім мінулым змагару за дэмакратыю — Барысу. Праўда, у народзе манумэнт празваўся ўміг проста Барыська. Бо горад ведаў змагара якраз, як Барыську. І помнік паставілі жывому яшчэ герою. Сьмелы, вабны, з барадой бы ў валхва, Барыс быў кніганошам забароненай літаратуры. Ён быў, насамрэч, сымбалем згубленай вольніцы слаўнага места. У страшным, яшчэ цалкам учорашнім мінулым Барыська зьведаў масакру жыцьця: ператрусы, арышты, хапуны, абразы як з боку міліцыі, так і простых аглупелых афіцыйнымі каналамі месьцічаў. Але ўпарта вяртаўся насупор арыштам і халодзе, і стаяў годна і сьмела Барыська ля Сіняга дому. І так пэўна было тым малалікім вернікам дэмакратыі, калі бачылі яго на сваім месцы — ён быў за вартавога дэмакратыі. Сьмяяўся ён, калі кідалі яму ў вочы абразы накшталт «нацуга» ці «апазыцыянэр». Бо ён проста выходзіў з торбай кнігаў і газэтаў, якіх не знайсьці было ў дзяржаўных шапіках прэсы, і прапаноўваў іх віцяблянам. Прапаноўваў ім альтэрнатыву, якой пазбавілі места спачатку царыстыя, тады саветы, а пазьней уласны аўтарытар Лукашэнка. Альтэрнатыву, страчаную яшчэ з шлюбам апошняй віцебскай сувэрэнкі Марыі Віцебскай з Альгердам. Але раз на стагодзьдзе Віцебск нараджаў вольніка ці вальнянку, якія будзілі памяць і праўду пра мінулае. Апошняга разу гэта быў непаўторны майстар пэндзля Пэн, а ў канцы ХХ стагодзьдзя сумленьнем места стаў Барыська. І стаяў-змагаўся Барыська якраз ля дому, дзе раней знаходзілася жытло мастака, які так прыгожа, праўда, не так громка, як ягоны вучань, уславіў дзьвінскую сталіцу. І выходзіў малец сьмела, годна, тады як бальшыня і выходзіць баялася. Цяперашнікам у 2025 годзе не ўцяміць, што ж страшнага ў простым выйсьці на вуліцу, каб кінуць уладзе і яму, вясковаму дыктатару, просты выклік з незалежнай прэсай у руках. А тады падобны выхад раўняўся рокашу. Баяліся віцябляне пярэчыць дыктатару. І баяўся дыктатар такіх выхадаў сваіх грамадзянаў. А Барыська не баяўся, ані — ён рабіў простае і моцнае, надзею і адвагу будзячы ў месьцічах, нагадваючы пра казачнае мінулае і жудасную рэчаіснасьць. Места, дарэчы, так і не ачуняла пасьля савецкіх гвалту і бязгусьціцы, сталася такім шэрым, адыёзным, посным, бляклым. Архітэктурна княскі Віцебск стаў ніякім, адноўленыя бажніцы заставаліся стэрыльнымі, нават зьлегчанымі, і толькі такія людзі, як Барыська, аздаблялі яго, былі ягонымі залацінкамі. І места прыслухоўвалася да нявіннага і чыстага мальца, як раней паганскія віцьбічы прыслухоўваліся да цнатлівых дзеваў, якія ачышчалі думкі і настроі сваёй асьляпляльнай бельлю. Так, па ягонай будзіцельскай парадзе, княскае места паскідвала, пазрывала ленінаў, сувораваў, дзяржынскіх ды калінінаў. Цэнтральныя вуліцы і будыніны былі аздобленыя чыстымі і да сьвятла заклікальнымі назовамі, імёнамі: Быкава, Нікіфароўскага, Пэна, Шагала, княгіні Марыі Віцебскай, Эміліі Плятэр, Баршчэўскага, Стараверская, Жыдоўская, Крывіцкая. Зь Дзьвіны на бераг глядзелі і выпаўзалі каменныя стварэньні і пачвары з твору «Шляхціц Завальня». Сам масянжовы шляхціц сядзеў на адным з цэнтральных пляцаў і пазіраў на рандэву, прызначаныя закаханікамі. Дзеці і турысты ротам любаваліся на кніжных, раптам укамянелых, монстраў, фатаграфаваліся на тле фантазыйных пэрсанажаў. А ў сьвет дасылаліся дзіўныя і мілыя паштоўкі, якія славілі дзьвінскую сталіцу.
Віцебск 2025 году быў да гонару рэспубліканскім, але па духу княскім. Прыгожая сувэрэнка Марыя Віцебская лагодна паглядала з былога пляцу Волі на турыстаў і сваіх гараджанаў. Стары Барыська да ўсяго палюбляў хадзіць да вакзалу на Трамвайны пляц, пасярод якога высіўся ляпідарны рэтра-трамвай — помнік першаму беларускаму трамваю. Дэмакратычны Віцебск прыгажэў, і ўжо падавалася, што ня два разы на год, а значна часьцей места выглядала, дадушы, зграбным, утульным, бо вольніца пасавала яму, як і сем, дзесяць стагодзьдзяў таму…